ТЭА́ТР РАБО́ЧАЙ МО́ЛАДЗІ, трам,
савецкі паўпрафесійны або аматарскі т-р у 1920—30-я г. Меў на мэце сродкамі т-ра весці агітацыю і прапаганду сярод моладзі (статут прыняты ў 1929 на 1-й Усесаюзнай канферэнцыі трамаў). Грамадзянская накіраванасць, публіцыстычнасць, кантакт з гледачамі вызначалі мастацтва трама. Вытокі трама ў агітац. аматарскім мастацтве 1920-х г. — «жывой газеце» і «сіняй блузе». Пачынальнік трамаўскага руху — Ленінградскі трам (засн. ў 1925), які стаў узорам для інш. т-раў гэтага тыпу. Існавалі ў Маскве, Варонежы, Харкаве, Баку і інш. Пастаноўкі пераважалі на тэмы жыцця і побыту рабочай моладзі, прац. энтузіязму і сацыяліст. спаборніцтва, у іх выкрываліся адмоўныя з’явы і недахопы. Трамы распрацавалі ўласную эстэтыку, стваралі публіцыст. муз.-танц. сінтэтычныя паказы з гал. дзейнай асобай — камсамольскім калектывам Тыповы трамаўскі спектакль — з песнямі і калектыўнай дэкламацыяй, спарт. практыкаваннямі, кінакадрамі; звычайна пачынаўся маршам, заканчваўся паказам панарамы новабудоўляў, камсамольскім мітынгам, масавай песняй. У 1930-я г. эстэт. праграма трамаў страціла вастрыню і зжыла сябе. У выніку яны былі рэарганізаваны (лепшыя ператвораны ў т-ры Ленінскага камсамола). На Беларусі трамы развіваліся ў рэчышчы ўсесаюзнага трамаўскага руху. У 1929—35 існавалі Беларускі трам у Мінску, Бабруйскі, Барысаўскі, Віцебскі, Гомельскі, Мазырскі, Полацкі трамы. Потым рэарганізаваны пераважна ў калгасна-саўгасныя тэатры.
Літ.:
Стэльмах У. Шляхі і перспектывы трамаўскага руху БССР // Узвышша. 1931. № 6—7;
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2. Мн., 1985.
т. 16, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)